Агульнанацыянальная інфармацыйна-асветніцкая кампанія «Дом без гвалту» пачалася 27 лiстапада. Яна праводзiцца сумесна мінісцерствамі ды іншымі дзяржаўнымі структурамі, агенцтвамi ААН і грамадскiмi аб’яднаннямi. Цяпер да ініцыятывы, ужо падтрыманай камандай БАТЭ, кампаніяй «Белавія», парталам TUT.BY і выданнем «Камсамольская праўда», далучылася культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Прэзентацыя «Кухнi без гвалту» у Гораднi адбылася на адной з грамадскіх дыскусій «Культура паляпшае жыццё», якія ладзяцца па ўсёй краіне.
Алена Макоўская, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!», так пракаментавала прэзентацыю:
«Прапанова прадстаўніцтва ААН далучыцца да праграмы была ўспрынятая намі як ініцыятыва, якую нельга не падтрымаць. Пачэсна было данесці важны сацыяльны мэсідж да людзей, якія актыўна працуюць у грамадскай і культурнай сферы Горадні.
Вельмі важна, што ініцыятары кампаніі звяртаюцца да ўсіх сектараў грамадства падчас яе рэалізацыі, бо такія сур’ёзныя праблемы могуць вырашацца толькі агульнымі намаганнямі. Менавіта таму нам бачыцца сімвалічным і ўжытае ў брэндзе кампаніі кола супрацьстаяння гвалту – бо ў гэтым пытанні грамадства павіннае мець 360 градусаў камунікацыі і ўзаемадзеяння».
Iнфармацыю даслаў Алесь Плотка.
Аўтар фота – Аляксандр Ждановіч.